Белорусской Православной Церкви

Белорусской Православной Церкви

Храму Святога Духа ў аг. Дварэц Рагачоўскага благачыння 100 гадоў!

Старонкі гісторыі

Царква Святога Духа… Мы звыкла глядзім на гэты помнік драўлянага культавага дойлідства і, мабыць, не задумваемся нават, калі з’явіўся гэта храм у нашай вёсцы, як змог уцалець у 20-30 гады – у час поўнага адказу ад рэлігіі і знішчэння культавых пабудоў? Як змог выстаяць у суровы час Вялікай Айчыннай вайны і захаваць сваю непаўторнасць у пасляваенныя гады?

Мы пачалі шукаць адказы на гэтыя пытанні і адкрылі новыя, малавядомыя старонкі гісторыі царквы, даведаліся пра яе будову, знешняе і ўнутранае аздабленне, свяшчэннікаў, якія служылі ў храме.

Вытокі. Гісторыя Троіцкай царквы  

І Я кажу табе: ты Пётр,
і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю,
і вароты пякельныя не адолеюць яе.
Евангелле паводле Матфея, 16, 18

Вёска Дварэц па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. як сяленне ў Рэчыцкім павете Мінскага ваяводства. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) – у складзе Расійскай Імперыі. У 1816г. – у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні, 19 двароў, 114 жыхароў. Памешчык меў тут у 1826 г. 104 дзесяціны зямлі. Крыху пазней была цэнтрам аднайменнага маёнтка, гаспадар якога дваранін Быкоўскі валодаў у 1858 г. 1319 дзесяцінамі зямлі. У 2-й пал. 19 ст. у цэнтры вёскі пабудавана драўляная Троіцкая царква [1, с.267].

Вось такія звесткі мы знайшлі ў “Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобласць”, у кнізе “Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Рагачоўскага раёна”. Але згодна іншых звестак, першапачаткова храм стаяў у вёсцы Цялуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці.

Упершыню назва Цялуша згадваецца ў гаспадарчых інвентарных актах 1639 года. Як населены пункт Цялуша вядома па пісьмовых крыніцах з канца XVIII стагоддзя. У канцы XVIII стагоддзя сяло Цялуша з’яўляецца дзяржаўнай уласнасцю, дзейнічае ўніяцкая царква Успення Прасвятой Багародзіцы.

З уніі ў праваслаўе царква была зноў далучана ў 1799 годзе. Храм быў асвечаны ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы.

У 1820 годзе ён з усёй маёмасцю згарэў, і толькі ў 1830 годзе было скончана будаўніцтва новай драўлянай царквы, якую асвяцілі ў гонар Святой Троіцы.

Новы храм быў пабудаваны на сродкі стацкай саветніцы Марыі Іванаўны Галахвоставай. Будынак меў па тым часе выгляд прадаўгаватага прамавугольніка з адным купалам пасярэдзіне. Уладкаваная ў франтавой частцы званіца мела чатыры званы. Іканастас быў выраблены з масіўнага дубу, без пазалоты, і складаўся з дзевяці абразоў, што размяшчаліся ў адзін ярус [2].

Свята-Мікольская царква ў вёсцы Цялуша

Гісторыя сведчыць пра тое, што напачатку XX стагоддзя ў вёсцы Цялуша  існавала два храмы. Так, у 1902 годзе тут на сродкі графа Паўла Аркадзьевіча і яго жонкі Наталлі Аляксандраўны Варанцовых-Вельямінавых (Пушкінай), унучкі вялікага рускага паэта А.С.Пушкіна, была пабудавана яшчэ адна царква. Асвяцілі яе ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Царква мела вельмі прыгожы вонкавы і ўнутраны выгляд. У сярэдзіне 1930-х гадоў савецкімі ўладамі храм быў зачынены і пераўтвораны ў збожжасховішча. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў царкве былі адноўлены набажэнствы. Яны працягваліся да канца 1950-х гадоў. У гады праўлення Мікіты Хрушчова храм зачыняюць. І толькі ў 1989 годзе была зноў зарэгістравана прыходская абшчына.

Гэта царква – помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Адназальны храм з паўкруглай апсідай, бабінцам і званіцай над уваходам [2].

Пасля будаўніцтва новай цаглянай царквы драўляны Троіцкі храм у Цялушы доўгі час стаяў зачынены. У 1922 годзе дварэцкія сяляне выкупілі царкву ў Цялушы за 100 пудоў збожжа і прывезлі ў вёску. У тыя часы храмы пераважна з’яўляліся народнымі, бо ў асноўным будаваліся на сродкі прыхаджан па “прыгавору” сялянскага сходу. Манументальныя мураваныя храмы будавалі ў асноўным у буйных гарадах.

Вёска Дварэц, царква Святога Духа, 1941 год

Па ўспамінах Вялічкі Браніслава Ігнатавіча, 1938 г.н., алтарніка царквы Святога Духа аг. Дварэц, сяляне доўга спрачаліся, вырашалі, дзе паставіць царкву. І вось у адну ноч на начлезе пастухі ўбачылі яркі промень святла, які асвяціў участак зямлі ў цэнтры вёскі. Гэта сяляне ўспрынялі як знак і паставілі царкву на тым месцы. У свой час той жа Браніслаў Ігнатавіч заўважыў, што ўсе бярвёны званіцы царквы пранумараваны. Значыць, царкву не адразу будавалі на гэтым месцы, а перавезлі.

29 жніўня 1923 года на свята Усекнавення галавы Іаана Прадцечы царква была асвечана архіепіскапам Бабруйскім Філарэтам у гонар Святога Духа. Службы ў царкве праводзіліся да 1931 года. З 1931 па 1941 год была зачынена. У яе памяшканні знаходзіўся калгасны склад.

Восенню 1941 года ў царкве былі адноўлены службы. У гады акупацыі храм не зачыняўся. Захавалася некалькі фотаздымкаў царквы ваенных гадоў. Пасля вызвалення і да сённяшняга дня службы ў храме больш не спыняліся.

Што датычыцца назвы царквы, то ў рознай гістарычнай літаратуры і ў  энцыклапедычных даведніках яна называецца Троіцкая (напэўна, ад першапачатковай назвы, калі яна яшчэ стаяла ў вёсцы Цялуша). Ва ўсёй царкоўнай літаратуры і епархіяльных дакументах – храм Святога Духа (так яна асвечана ў 1923 г.)

Вёска Дварэц, царква Святога Духа, 1941 год

Па ўспамінах Піменавай Лідзіі Ануфрыеўны, у 60-я гады актыўна вяліся размовы пра тое, каб разбурыць або спаліць царкву. Адзін з жыхароў вёскі Дварэц вельмі настойваў на гэтым, хацеў ажыццявіць варварскую задуму, але потым перадумаў. Ён баяўся, што можа быць пашкоджана і яго хата, якая стаяла вельмі блізка каля царквы. Як сведчаць старажылы, храм не разбурылі яшчэ і па прычыне таго, што ён стаіць на шляху Масква-Варшава, па якім праязджаюць замежныя турысты і госці краіны. Доўгі перыяд за савецкім часам царква Святога Духа была амаль адзінай ва ўсёй акрузе, якая не зачынялася і ў якой вяліся набажэнствы. Пеўчыя на клірас прыходзілі нават з навакольных вёсак: Кашары, Бортнікаў, Жыліч, Пласкіні, Смольнага, Азёраў.

Былі, праўда, часы, калі ўсім, асабліва школьнікам, забаранялі хадзіць у царкву, устанаўлівалі нават дзяжурства настаўнікаў у час правядзення набажэнства ў такія святы, як Пасха, Ражджаство.

Доўгі час у вёсцы Дварэц існавала традыцыя адзначаць прастольнае свята – Дзень Святой Троіцы. У гэты дзень (пяцідзясяты дзень ад Пасхі) каля храма ладзіўся кірмаш, на які ўжо а 7 гадзіне раніцы спяшаліся дарослыя і дзеці, каб купіць сабе салодкіх смачных “пеўнікаў” (цукерак на палачцы). Зараз кожны год на Троіцу ў царкве праходзіць святочнае набажэнства, а ў панядзелак, у Дзень Святога Духа (прастольнае свята), на Літургію да нас прыязджаюць Высокапраасвяшчэннейшы Стэфан, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі,  свяшчэннікі з храма Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага, а таксама з іншых прыходаў Рагачоўскага раёна і Гомельскай епархіі.

Будова і аздабленне царквы Святога Духа

Кожны з вернікаў і ўсе разам ёсць храм,
І ўсе народы ёсць чатыры сцяны,
На якіх Хрыстос стварыў адзіны храм.
Іаан Залатавуст

Царква Святога Духа – твор архітэктуры псеўдарускага стылю. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Храм Божы па сваім знешнім выглядзе адрозніваецца ад іншых будынкаў. Пабудаваная ў выглядзе карабля, Царква нагадвае, што Яна вядзе вернікаў па моры жыцця да ціхай прыстані ў Царстве Нябесным.

Будынак храма завяршаецца зверху трыма купаламі, якія сімвалізуюць неба. Тры купалы – тры Вобразы Святой Троіцы. Над уваходам у храм знаходзіцца званіца. Званы  склікаюць вернікаў на малітву і паведамляюць пра самыя важныя часткі службы.

Двух’ярусная вежа-званіца

Па ўнутранай будове храм падзяляецца на тры часткі: алтар, сярэдні храм і прытвор. Алтар сімвалізуе Царства Нябеснае. У сярэдняй частцы стаяць усе вернікі. У храме захаваны традыцыі народнага дойлідства. Будынак складаецца з 4 зрубаў, якія ўтвараюць падоўжана-восевую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, сфарміраваную прамавугольнымі ў плане прытворам, бабінцам, малітоўнай залай і апсідай. У сілуэце храма пануюць надбудаваная над прытворам 2-ярусная (васьмярык на чацвераку) шатровая званіца з макаўкай і высокі 8-гранны барабан, накрыты пакатым шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Аснову складае квадратны ў плане зруб, да якога з ўсходу і захаду прылягаюць прамавугольныя зрубы алтара і трапезнай.

Злева – шатровая званіца з макаўкай, справа – 8-гранны барабан з цыбулепадобнай галоўкай, бакавы ўваход

Цэнтр і два бакавыя ўваходы аформлены чатырохслупковымі ганкамі. Гарызантальна ашаляваныя фасады (цокальная і фрызавая часткі ашаляваны вертыкальна) апярэзваюцца аркатурнымі фрызамі, па восях дзеляцца прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах з трохвугольнымі сандрыкамі (уплыў класіцызму). У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі царквы спалучаюцца традыцыйныя цяслярскія прыёмы народнага дойлідства з элементамі наватарства, што робіць гэты помнік па-мастацку адметным.

Галоўным элементам інтэр’еру царквы Святога Духа ў аг. Дварэц (як і любой праваслаўнай), з’яўляецца іканастас – каркасная канструкцыя, якая запоўнена абразамі, упрыгожана розным пазалочаным дэкорам, які ўключае вітыя калонкі, пілястры, арнаментальныя паясы.

Іканастас. Сярэдняя частка храма, малітоўная зала

Абразы ў іканастасе звычайна размешчаны ў пэўнай паслядоўнасці. Ніжні рад ствараюць мясцова шануемыя святыя, вышэй ідзе апостальскі рад, над імі – выявы прарокаў і зусім уверсе – абразы анёлаў і херувімаў. У царкве Святога Духа над царскімі варотамі знаходзіцца “Тайная вячэра”, вышэй – абраз Бога-Бацькі, Сына і Святога Духа (Святой Троіцы). З левага боку ад царскіх варот знаходзіцца абраз Божай Маці, з правага боку – Госпада Iсуса Хрыста. Абразы, якія знаходзяцца ў іканастасе, упрыгожаны рамамі і абкладамі, ручнікамі, стужкамі, гірляндамі кветак. Побач з іканастасам (справа) знаходзіцца месца для пеўчых – клірас. Гэты іканастас быў перавезены дварэцкімі сялянамі на конях з Уваскрасенскай царквы горада Магілёва. Тады яна знаходзілася насупраць Магілёўскага драматычнага тэатра. Да нашага часу не захавалася.                           

Жарандоль

У цэнтры іканастасу знаходзяцца царскія вароты, багата ўпрыгожаныя ажурнай разьбой. Праз іх святар заходзіць у алтар царквы, які заўсёды знаходзіцца на ўсходзе. Усходняя частка храма, па старажытнай касмаграфіі і светапогляду, ёсць “край святла”, Эдэм, дзе знаходзіцца рай. Таму хрысціяне па традыцыі размяшчаюць алтар (alta ara, што азначае “высокі ахвярнік”), перад якім моляцца і адпраўляюць набажэнствы, заўжды на ўсходзе. Алтар становіцца на ўзвышэнні, якое мае назву “віма” (узыходжанне на вышыню).   

Пад столлю царквы вісіць зробленая адмысловым кавалём канструкцыя для размяшчэння свечак – панікадзіла, або жарандоль. Столь пафарбавана ў блакітны колер (колер нябёсаў) і ўпрыгожана абразамі.

Царква: людзі і лёсы

Для таго, каб з намі быў Бог, трэба,
каб мы былі з Ім.
Свт. Філарэт, мітрапаліт Маскоўскі

Звесткі пра свяшчэннікаў, якія ажыццяўлялі сваю пастырскую дзейнасць у храме Святога Духа агр. Дварэц, мы бралі з розных крыніц. Імёны ўсіх святароў, якія служылі ў царкве з 1923 года, мы змаглі ўзнавіць дзякуючы дакументам, што захаваліся ў царкве, і літаратуры па гісторыі Гомельскай епархіі.

У ХХ стагоддзі Руская Праваслаўная Царква перажыла ганенні, маштаб якіх не саступае раннехрысціянскім. Дзясяткі тысяч праваслаўных іерархаў, свяшчэннаслужыцеляў, манахаў, міран сталі ахвярамі рэпрэсій. Пад час даследавання мы знайшлі звесткі пра тых рэпрэсаваных у 1930-х гг. свяшчэннікаў, лёс якіх быў звязаны з храмам Святога Духа ў в. Дварэц у перыяд з 1923 па 1953 гг., а таксама пра святароў, якія пасля служылі ў храме.

Свяшчэннік Раман (Сідарэнка (Сідаракін) Раман Кузьміч, 1883-?), свяшчэннаслужыцель. Беларус. З духоўнага саслоўя. Служыў у Мікалаеўскай царкве в. Жалезнікі Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Веткаўскі раён Гомельскай вобласці), загадчык царкоўна-прыходскай школы. Арыштаваны, верагодна, у в. Ліскаўская Слабада, цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці. Асуджаны ў 1930 да высылкі з канфіскацыяй маёмасці. Далейшы лёс невядомы [4].

Протаіерэй Іосіф (Іалаб Іосіф Іванавіч, 1881-?). Быў настаяцелем царквы Святога Духа ў часы акупацыі з 1942 па 1944 гг.

Нарадзіўся ў м. Ярэмічы Навагрудскага ўезда Мінскай губерні. Паходзіў з сялянскай сям’і. Закончыў гарадское вучылішча ў м. Мір Навагрудскага ўезда Мінскай губерні і Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1901). Працаваў настаўнікам. У 1908 годзе рукапакладзены ў свяшчэнніка. У 1908-1915 гг. –  настаяцель Крыжаўздзвіжанскага храма ў в. Невель Пінскага ўезда. У 1916 г. пераехаў у в. Крыўча Рэчыцкага ўезда. У маі 1931 года накіраваны на служэнне ў в. Мормаль Жлобінскага раёна. Арыштаваны 16.11.1932 па абвінавачванні ў антысавецкай агітацыі. Пастановай Тройкі пры ПП АДПУ (Пастаяннае прадстаўніцтва Аб’яднанага Дзяржаўнага Палітычнага Упраўлення па Беларускай ваеннай акрузе) прыгавораны да 5 гадоў ППЛ (папраўча-працоўны лагер). Пасля вызвалення вярнуўся ў БССР. У 1941-1942 гг. жыў у Бабруйску. У 1942-1944 гг. настаяцель храма Святога Духа ў в. Дварэц. У сакавіку 1944 года пераведзены ў Свята-Сафійскі храм г. Бабруйска. Рэабілітаваны [8, с.93].

Свяшчэннік Елісей (Нядзельскі Елісей Яўгенавіч, 14.06.1890-01.05.1957). Служыў у Свята-Духаўскім храме з 1944 па 1946 гг.

Нарадзіўся ў в. Уладзіміраўка Адэскай губерні. Сын свяшчэнніка. Закончыў Тыўроўскае духоўнае вучылішча Камянец-Падольскай епархіі. У 1910-1912 гг. псаломшчык Свята-Міхайлаўскай царквы ў м. Жабокрыч Падольскай губерніі. У 1912-1914 гг. псаломшчык пры ваенным шпіталі Варшавы. У 1915-1917 гг. псаломшчык Свята-Успенскага храма ў м. Бірзула (Украіна). У 1917 годзе рукапакладзены ў дыякана і пакінуты на папярэднім месцы служэння. Пасля закрыцця храма ў 1931 годзе перайшоў на грамадзянскую работу. У 1930-я гады прыгавораны да 10 гадоў ППЛ. У 1942-1943 гг. дыякан Свята-Мікалаеўскага храма ў Карме Гомельскай вобласці. У 05.09.1943 годзе ў Мінску архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Філафеем (Нарко) рукапакладзены ў свяшчэнніка. У 1944-1946 гг. настаяцель Свята-Духаўскага храма ў в. Дварэц. У 1946-1948 гг. настаяцель Свята-Сімяонаўскага храма в. Баслоўцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. 24.03.1952 года пераведзены, згодна з прашэннем, у Чарнігаўскую епархію. Быў у складзе кліра Чарнігаўскай епархіі. Памёр 01.05.1957 у в. Бахмач Чарнігаўскай вобласці [7, с.40], [8, с.158].

Свяшчэннік Павел (Калінін Павел Фёдаравіч, 1889 – каля 1966). Служыў у храме Святога Духа з 1947 па 1960 гг.

Нарадзіўся ў Бранскай губерні. Закончыў настаўніцкую школу (1908). З 1908 па 1912 год працаваў настаўнікам. У 1914 годзе закончыў пастырскія курсы ў Маскве, рукапакладзены ў дыякана і накіраваны ў царкву Святога Духа г. Клін Маскоўскай губерні. У 1916 архіепіскапам Міхаілам (Маскоўская епархія) рукапакладзены ў свяшчэнніка і пакінуты на папярэднім месцы служэння. З 1918-1927 гг. настаяцель Свята-Пакроўскай царквы Арлоўскай губерні. З 1927 года настаяцель Спаскай царквы Жукаўскага раёна Бранскай губерні. У 1938 годзе прыгавораны да 5 гадоў ППЛ. Да 02.06.1947 знаходзіўся ў ссылцы ў Комі АССР. У 1947 годзе прызначаны настаяцелем храма Святога Духа ў в. Дварэц. Памёр каля 1966 г. [7, с. 62], [8, с.145].

Протаіерэй Аляксей Кажэўнікаў

Протаіерэй Аляксей (Кажэўнікаў Аляксей М.). Служыў у царкве Святога Духа з 1960 па 1964 гг.

Пра гэтага свяшчэнніка звестак мы знайшлі няшмат. У асабістым фотаархіве Грыбоўскага П.Я. захаваліся толькі два фотаздымкі Кажэўнікава А.М., падпісаныя рукою айца Аляксея і перададзеныя на памяць Грыбоўскай Праскоўі Яўціхаўне.

Свяшчэннік Іаан (Коршун Іван Кузьміч, 20.01.1934-?). Служыў у царкве Святога Духа з 1964 па 1966 гг.

Аўтабіяграфія

Коршун Іван Кузьміч. 20 студзеня 1934 года нараджэння, у сяле Лаўрынава Навагрудскага раёна Гродненскай вобласці. У 1941 годзе паступіў у 1 клас Негнявічскай сярэдняй школы, якую закончыў у 1952 годзе. У 1944 годзе разам з бацькам дапамагаў партызанскім сувязным. У 1952 годзе паступіў у Мінскую Духоўную семінарыю, закончыў яе ў 1959 годзе. З 1954 па 1956 служыў у радах Савецкай арміі. З 26 верасня 1959 года быў прызначаны на прыход у в. Волка Гродненскай вобласці. У 1961 годзе Архіепіскапам Варлаамам быў пераведзены ў в. Ліжэвічы Слонімскага раёна, дзе працаваў да 23 мая 1964 года. З 23 мая 1964 года ўказам Архіепіскапа Сергія прызначаны ў в. Дварэц Рагачоўскага раёна. У сям’і на ўтрыманні жонка і двое дзяцей ва ўзросце 3 гадоў 6 месяцаў і 1 года 4 месяцаў.

Мой бацька Коршун Кузьма Андрэевіч свяшчэннікам служыць з 1939 года, у сучасны момант – у Гродненскай вобласці Навагрудскага раёна сяла Загор’е-Сеннае. Мой брат Коршун Васіль Кузьміч, 1929 года нараджэння, свяшчэннікам служыць з 1951 года. У сучасны момант – свяшчэннік у Гродненскай вобласці Мірскага раёна сяло Шухавічы. У жонкі адна сястра-інвалід ад нараджэння, якая пражывае ў мястэчку Жыровічы Слонімскага раёна [7, с.67].

Протаіерэй Сяргей Петруковіч

Протаіерэй Сергій (Петруковіч Сяргей). Служыў у царкве з 1966 па 1969 гг.

Крыніцай звестак пра гэтага свяшчэнніка быў нам адзін фотаздымак, які захаваўся ў асабістым фотаархіве Грыбоўскага П.Я. з уласнаручным подпісам свяшчэнніка. Фотаздымак перададзены на памяць Грыбоўскай Праскоўі Яўціхаўне. Гледзячы на дату подпісу (09.08.1973, Ветка), можна зрабіць вывад, што, магчыма, протаіерэй Сяргей Петруковіч пасля царквы Святога Духа служыў у 70-я гады на прыходзе ў Ветцы, адкуль і даслаў фатаграфію.

Свяшчэннік Місяюк Віталій Іванавіч (29.04.1925-?)

Свяшчэннік Віталій (Місяюк Віталій Іванавіч, 29.04.1925-?). Служыў у храме з 1969 па 1982 гг.

Анкета на служыцеля культа

Місяюк Віталій Іванавіч 29 красавіка 1925 года нараджэння, вёска Міжэвічы Слонімскага раёна Гродненскай вобласці. Адукацыя – 8 класаў Квасаўскай НСШ. У 1942 годзе Венедыктам, архіепіскапам Гродненскім прызначаны псаломшчыкам мястэчка Дзерачынкава Масольскага раёна. 1944 – псаломшчык, вёска Мількаўшчына Гродненскага раёна. 1945 – псаломшчык, Шчучынскі раён. 1949 – псаломшчык, мястэчка Орля Жалудокскага раёна. 1952 год – псаломшчык, в. Ятвеск Шчучынскага раёна. З 1953 па 1955 – псаломшчык, вёска Руда-Явар Казловічскага раёна. 09.10.1955 – настаяцель, в. Вайневічы Слонімскага раёна. 1957 – настаяцель, в. Гарадзец Рагачоўскага раёна. 1968 – настаяцель, в. Бухавічы Кобрынскага раёна. 25.10.1968 – настаяцель, Свята-Троіцкая царква в. Новыя Дзятлавічы Гомельскай вобласці.

25.03.1969 – настаяцель, Свята-Духаўская царква в. Дварэц Рагачоўскага раёна.

Маскоўская Патрыярхія
Архіепіскап Мінскі і Беларускі
25 сакавіка 1969 года                   №22                                        г. Мінск

Указ

Настаяцелю Свята-Троіцкая царквы, вёска Новыя Дзятлавічы Гомельскай вобласці, свяшчэнніку Місяюку Віталію Іванавічу.

Копія: Сакратару Архіепіскапа
Мінскага і Беларускага па
Гомельскай вобласці

Вызначэннем маім ад 25 сакавіка 1969 года Вы вызваляецеся ад пасады настаяцеля Свята-Троіцкай царквы вёскі Новыя Дзятлавічы і прызначаецеся настаяцелем царквы Святога Духа в. Дварэц Рагачоўскага раёна згодна Вашага прашэння.

Аб гэтым і даецца Вам сапраўдны Указ.

Архіепіскап Мінскі і Беларускі Антоній                (подпіс)

Дабрачынны Гомельскай Акругі
Протаіерэй Гомельскай Акругі Капычко В.           (подпіс) [7, с.103]

Хацелася б узгадаць тут і протаіерэя Васілія (Сямёнаў Васілій Іванавіч, 1894-1938). У 1920 годзе рукапакладзены ў дыякана і залічаны ў штат Свята-Успенскага сабора г. Віцебска. У 1924 годзе пераведзены ў в. Забалацце Рагачоўскага раёна. З сярэдзіны 1920-х гг. быў у абнаўленчым расколе. Пасля ўз’яднаўся з кананічнай Царквой. Арыштаваны ў сакавіку 1938 года. У тым жа годзе памёр у гомельскай турме. Рэабілітаваны 14.11.1957 [7, с.76]. Перад арыштам паспеў перадаць сям’і прыхажан свой крыж, які яна захоўвала доўгія гады. А ў 2009 годзе крыж быў перададзены протаіерэю Уладзіміру Янчэсаву, настаяцелю царквы Святога Духа. Зараз ён знаходзіцца ў алтары храма.

Грыбоўская Праскоўя Яўціхаўна (злева),
протаіерэй Аляксей Кажэўнікаў,
Брухавецкая Аляксандра Фядосаўна (1928-?)
Грыбоўская Праскоўя Яўціхаўна (1902-14.12.1991), стараста царквы

Грыбоўская Праскоўя Яўціхаўна (1902-14.12.1991), стараста царквы Святога Духа в. Дварэц. Родам з Заходняй Беларусі, Беласточчыны. Пад час Першай сусветнай вайны сям’я Праскоўі Яўціхаўны пераехала ў в. Дварэц. Тут яна выйшла замуж за Грыбоўскага Асона Давыдавіча. У 1937 годзе Асона Давыдавіча арыштавалі. Далейшы яго лёс невядомы. У сям’і было пяцёра хлопчыкаў. 15.12.1947 года Праскоўя Яўціхаўна атрымала пасведчанне і медаль мацярынства.

У гады вайны Праскоўя Яўціхаўна знаходзілася ў акупацыі. Старэйшы сын Праскоўі Яўціхаўны быў на прымусовых работах у Германіі.

Усё жыццё Праскоўя Яўціхаўна хадзіла ў царкву, дапамагала ў царкоўнай лаўцы, спявала на клірасе, была старастай храма. Працавала паштальёнам. Грыбоўскі Павел Яўгенавіч успамінае, што ў маленстве чуў ад бабулі пра яе паездку ў Маскву. Пасля вайны яна быццам ездзіла ў Маскву з пісьмом да Сталіна (як казалі ў вёсцы) з просьбай не зачыняць храм. Тады яна і сапраўды магла выехаць з вёскі, бо была адна з нямногіх, якія мелі пашпарт. Кажуць, што пасля гэтага царкву аформілі як помнік архітэктуры і на пэўны час размовы пра яе разбурэнне спыніліся.

Гісторыя працягваецца …

І сказаў Гасподзь Іакаву: вярніся ў зямлю
бацькоў тваіх і на радзіму тваю, і Я буду з табой.
Кніга Быцця, 31, 3

Са святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі ў 1988 годзе пачалося адраджэнне Праваслаўя на Беларусі. Промыслам Божым, падзвіжніцкай працай духавенства і прыхажан адбылося адраджэнне епіскапскіх кафедр, адкрыццё закрытых храмаў і будаўніцтва новых. Царква атрымала магчымасць узнавіць свае традыцыйныя формы духоўнага жыцця.

Для царквы Святога Духа ў аг. Дварэц таксама пачаўся новы этап яе гісторыі. З 1996 па 2005 год у царкве служыў айцец Іаан Стаськоў, родам з в. Цагельня Рагачоўскага раёна, былы вучань Балатнянскай школы. Шмат працы прыклаў айцец Іаан для добраўпарадкавання тэрыторыі і аздаблення царквы. Пэўны час пры храме працавала нядзельная школа.З лютага 2005 года айцец Іаан служыў у Балотні ў храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Зараз жыве ў Гомелі, служыць на прыходзе недалёка ад горада.

З 2010 года ў храме Святога Духа ў аг. Дварэц служыць протаіерэй Уладзімір Янчэсаў, 1967 г.н., родам з Рагачова. Да гэтага ён служыў у в. Балотня з 1995 па жнівень 1997, з верасня 1997 па 2010 год у царкве ў

в. Побалава. У Балотні з дапамогай прыхаджан айцец Уладзімір Янчэсаў добраўпарадкаваў малітоўны дом. Летам 1995 года адбылося першае набажэнства. На свята Пакрова Божай Маці ў тым жа годзе выкапалі траншэю пад падмурак новай царквы.

Самааддана працуе протаіерэй Уладзімір Янчэсаў і на прыходзе храма Святога Духа ў аг. Дварэц. Пабудавана капліца для асвячэння вады, зроблены рамонт унутры і звонку царквы. Настаяцель праводзіць работу па духоўнай асвеце насельніцтва аграгарадка. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з дзяржаўнай установай адукацыі “Дварэцкі яслі-сад-сярэдняя школа імя В.В. Скрыганава”. Ладзяцца сумесныя мерапрыемствы, велапрабегі. Протаіерэй Уладзімір – часты госць у дзіцячым садку і школе.

Заключэнне

“Сёння” неаддзельна ад “учора”. Усе людзі і народы жывуць гісторыяй. У апошні час абудзілася вялікая цікавасць людзей да гісторыі родных мясцін, да ведаў пра былую веліч і славу, пра звычайнае жыццё насельніцтва, пра яго абрады, звычаі, веравызнанне.

Падчас даследавання мы адкрылі для сябе шмат новага. Сістэматызавалі матэрыялы па гісторыі царквы Святога Духа ў аг. Дварэц, будове і аздабленні храма, лёсе свяшчэннікаў і прыхажан, якія служылі ў храме, у адпаведнасці з храналагічнымі дадзенымі ад першага ўпамінання нашай царквы да сённяшняга дня. Пры падрыхтоўцы работы была выкарыстана літаратура па тэме, фотадакументы, аўтабіяграфіі святароў, царкоўнаслужыцеляў, прыхажан. Мы сустрэліся з унукам Грыбоўскай Праскоўі Яўціхаўны, старасты царквы, Грыбоўскім П. Я., алтарнікам храма Вялічкам Браніславам Ігнатавічам, пеўчай Піменавай Лідзіяй Ануфрыеўнай.

На жаль, не на ўсе пытанні былі знойдзены адказы. Засталіся невядомымі два прозвішчы святароў, што служылі ў царкве ў сярэдзіне 40-х і пачатку 80-х гадоў, біяграфічныя звесткі пра некаторых свяшчэннікаў. Гэтыя пытанні патрабуюць далейшай распрацоўкі.

Працуючы над гісторыяй старажытнага храма Святога Духа ў аг.Дварэц, мы зразумелі, што захавалі памяць для сваіх нашчадкаў. Пакінулі ім духоўную спадчыну малой радзімы. А без ведання мінулага нельга ўвайсці ў будучае.

Выканалі работу:
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Дварэцкая сярэдняя школа імя В.В.Скрыганава” Сляпухіна Ганна Мікалаеўна
і вучаніца 7 класа Ланіна Валерыя Андрэеўна.

Спіс літаратуры

1. Збор помнiкаў гicтoрыi i культуры Беларусi: Гомельская вобласць / АН БССР, Iн-т мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) i iнш. – Мінск: БелСЭн, 1985. – 383 с.: iл.

2. История Никольского храма в д. Телуша. Бобруйская епархия. [Электронный ресурс] – Режим доступа: http://www.bobreparhiya.by history_bobr_r_telusha/. – Дата доступа: 05.09.2019.

3. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін. – Мінск: БелЭн, 2001. – 328 с.: іл.

4. Маракоў, Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917-1967: энцыклапедычны даведнік: у 2 т./ [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://www.marakou.by/by/davedniki.html. – Дата доступу: 08.10.2019.

5. Народный каталог православной архитектуры [Электронный ресурс] – Режим доступа: http://www.Sobory.ru/. – Дата доступа: 07.08.2019.

6. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Рагачоўскага раёна. – Мінск: БелЭн, 1994. – 535 с.: іл.

7. Патапаў, А.Ф. Вытокі. Станаўленне праваслаўя і іншых рэлігійных абшчын на Рагачоўшчыне 2 / А.Ф. Патапаў. – Рагачоў, 2009. – 171 с.

8. Слесарев, А.В. Мартиролог Гомельской епархии (1917-1953):биографический справочник / авт.-сост. А.В. Слесарев. – Жировичи: Издат. Минской духовной академии, 2017. – 339 с.: ил.

9. Слободской, С. Закон Божий /авт.-сост. С. Слободской. – Минск: ЗАО “Православная инициатива”, 2000. – 723 с.: ил.

10. Сямейны архіў (фотаздымкі) і вусныя ўспаміны Грыбоўскага Паўла Яўгенавіча, 1961 г.н. (г.Рагачоў), вусныя ўспаміны Вялічкі Браніслава Ігнатавіча, 1938 г.н., (в. Перасека Рагачоўскага раёна), Піменавай Лідзіі Ануфрыеўны, 1931 г.н., (в. Ліскаўская Слабада Рагачоўскага раёна). 

Поделиться:
Facebook
VK
OK
Twitter
LinkedIn
Skype
Telegram
WhatsApp
Email
Print